Ці піў Гары Потэр такое ж піва, як нашы продкі?
У інтэрв’ю выданню «Сильные Новости» я распавядаю, як захапленне хатнім піваварствам прывяло мяне да вывучэння гісторыі беларускага піва і аднаўлення старадаўніх рэцэптаў.
Мы гаворым пра працу з гістарычнымі крыніцамі, рэканструкцыю «Абознага» і «Яловага» піва, пошук мясцовых піўных дрожджаў і працу над рэцэптам «Самаходскага» піва.
Асобная тэма — выяўленае мной падабенства паміж старадаўнім англійскім сметанковым півам, вядомым па кнігах пра Гары Потэра, і беларускай граматкай. Таксама абмяркоўваем перспектывы развіцця беларускага піваварства, ідэю музея піва ў Гомелі і асаблівасці хатняга піваварства. Напрыканцы публікацыі прыведзены спрошчаны рэцэпт прыгатавання піва.

Для многіх абывацеляў піва — гэта алкагольны напой, празмернае ўжыванне якога шкодзіць здароўю. Але для больш дасведчаных аматараў «піўная тэма» — гэта хобі, традыцыі, навука, а ў нечым і мастацтва.
Гэта гісторыя пра тое, як гамяльчук у пошуках новага хобі вырашыў самастойна зварыць піва, а потым захапіўся і цяпер аднаўляе старадаўнія рэцэпты гэтага напою. Ці праўда, што Гары Потэр піў амаль такое ж піва, як і нашы продкі? Які напой абавязкова павінен быць у калекцыі гомельскага музея піва (калі такі, вядома, з'явіцца)? А яшчэ — прапануем рэцэпт прыгатавання хатняга піва. Спойлер: вам спатрэбяцца час і цярпенне. Распавядаем пра падрабязнасці творчага працэсу піваварства ад гамяльчука.

З чаго ўсё пачыналася?
Знаёмцеся, гэтага хлопца завуць Станіслаў. Ён працуе ў IT-сферы, прычым даволі паспяхова. Прафесія ў хлопца і прыбытковая, і прэстыжная, але яму нечага не хапала — для душы, як кажуць. Чатыры гады таму яны з сябрам загаварылі пра добрае, вытанчанае піва, якога не знойдзеш на паліцах звычайных крам. Тады Станіславу і прыйшла ў галаву ідэя самастойна зварыць хмельны напой. Нездарма ж кажуць: хочаш зрабіць добра — зрабі сам.
У пошуках патрэбнага рэцэпта Станіслаў глядзеў відэа на YouTube, перачытваў артыкулы і публікацыі, па крупінках збіраў інфармацыю. Сваё першае піва ён прысвяціў родным дзядулям і назваў «Дзяды». Напой яны выпілі на фоне Мірскага замка, піва ацанілі на выдатна. Станіслаў захапіўся працэсам, назапашваў досвед, удасканальваў майстэрства і ў нейкі момант вырашыў пайсці далей.

«Пасля чарговага зваранага піва я задаўся пытаннем: а ці ёсць нейкае наша, беларускае піва? Пачаў шукаць інфармацыю ў розных месцах, пераважна ў архівах. Даводзілася і даводзіцца шмат чытаць і перакладаць, а яшчэ больш часу займае апрацоўка інфармацыі. Звычайна яна на старапольскай, лацінскай, старажытнарускай і старабеларускай мовах. Тут дапамагаюць навукоўцы, у мяне ёсць сябры ў Акадэміі навук, археолагі. Я часта езджу з імі ў экспедыцыі як валанцёр, знаёмлюся з іншымі навукоўцамі, кажу, што трэба „ратаваць“ гісторыю беларускага піва. Усім падабаецца такая мэта, і мне ахвотна дапамагаюць знаходзіць, апрацоўваць, вывучаць інфармацыю і прымяняць яе», — распавядае гамяльчук.
На той момант хлопец знайшоў і аднавіў некалькі рэцэптаў піва часоў Рэчы Паспалітай XVII стагоддзя. Гэта «Абознае», «Яловае» («Хваёвае») піва, якое нашы продкі пілі пераважна падчас ваенных паходаў. Справа ў тым, што звычайная вада ў бочках псавалася, а піць з рэк і азёр было не зусім бяспечна. На гэтым фоне піва лічылася вельмі выгадным варыянтам. Да таго ж напой быў пажыўным і дапамагаў аднавіць сілы.

«Перад паходам выпякалі спецыяльныя сухары — „саладушкі“, якія бралі з сабой. На прывалах гэтыя сухары замочвалі і варылі з іх піва. А „Яловае“ варылі на адвары з яловых галінак, каб узбагаціць піва вітамінам C для барацьбы з цынгой падчас працяглых паходаў. Ну а цяпер я заканчваю працу над рэканструкцыяй „Самаходскага“ піва, а таксама займаюся пошукам нашых мясцовых дрожджаў. Справа ў тым, што беларускіх піўных дрожджаў няма, хмель ёсць і солад ёсць, а дрожджаў няма. Я „зняў“ дзікія дрожджы з хмелю, які рос у мікрараёне „Шведская Горка“ каля Сожа, і цяпер працую з імі, імкнуся вылучыць чыстую і смачную калонію з дапамогай селектыўных асяроддзяў», — дзеліцца Станіслаў сваімі напрацоўкамі.
Якое піва піў Гары Потэр?
Здавалася б, дзе Гары Потэр, а дзе беларускае піва? Але ўсё значна бліжэй, чым можа падацца на першы погляд. Вось што распавядае наш герой.

«Калісьці я паставіў сабе за мэту знайсці тое самае „Сметанковае піва“ з „Гары Потэра“. Падчас пошукаў знайшоў рэцэпт напою, які сапраўды існаваў у Англіі ў часы Цюдараў. Паколькі гэты напой з'яўляецца добрай альтэрнатывай глінтвейну, я часта варыў яго для сяброў і знаёмых. Калі ж пачаў вывучаць гісторыю беларускага піва, натрапіў на нашу піўную страву „Граматка“ і стаў вывучаць інгрэдыенты. Я злавіў сябе на думцы, што рэцэптура амаль адзін у адзін паўтарае рэцэптуру „Сметанковага піва“! Ну і ўсё, пайшло-паехала! У выніку высветліў, што англійскае сметанковае піва і наша „Граматка“ — гэта роднасныя піўныя напоі», — дзеліцца Станіслаў.

Брэнд беларускага піва
Нават далёкаму ад «піўнай» тэмы чалавеку вядома чэшскае, нямецкае, славацкае піва, а вось пра беларускае мала хто чуў. Мы пацікавіліся ў Станіслава, ці магчыма змяніць сітуацыю і, калі так, то якім чынам.
«Вядома, магчыма, але складана. Гэта патрабуе вялікіх інвестыцый у развіццё вытворцаў нашых мясцовых гатункаў соладу, хмелю і дрожджаў. Інвестыцый у развіццё навукі, якая дапаможа праводзіць селекцыю і паляпшаць наш солад, хмель і дрожджы. Ну і, вядома, інвестыцый у навукоўцаў, якія будуць займацца пошукам нашай піўной спадчыны ў глыбіні гісторыі і народнай памяці», — лічыць гамяльчук.

А яшчэ мы вырашылі крыху пафантазіраваць. Уявім, што ў Гомелі з'явіцца музей піва. Што менавіта, на думку Станіслава, абавязкова павінна быць у яго калекцыі?
«Абавязкова павінен быць рэцэпт „Самаходскага“ піва. Самаходы — гэта людзі, якія самастойна, сваім ходам, сышлі з тэрыторыі Беларусі ў Сібір. Прычым частка гэтых самаходаў пайшла з вёскі Рагінь, што знаходзіцца за 45 кіламетраў ад Гомеля. Менавіта нашчадак „Рагінскіх самаходаў“ Таццяна Фёдараўна Слепчанка падзялілася рэцэптам нашага, можна сказаць, гомельскага піва. Засталося толькі канчаткова рэканструяваць гэты напой і зварыць яго з нашых гомельскіх інгрэдыентаў», — упэўнены Станіслаў.
Піва — гэта мастацтва?
Суразмоўца лічыць, што так.
«Так, напрыклад, адзін з ключавых спосабаў самавыяўлення півавара — этап „зацірання соладу“. Гэта калі вадкасць з соладам награваюць да пэўных тэмператур і вытрымліваюць яе некаторы час. Напрыклад, калі нагрэць да 45–59 градусаў і вытрымліваць 15–30 хвілін, гэта ўплывае на якасць і ўстойлівасць пеннай „шапкі“, а чым даўжэй трымаць пры 65 градусах, тым больш сухім будзе піва. Вось так, „гуляючы“ з тэмпературнымі паўзамі, можна „маляваць“ карціну смакавага профілю свайго піва».

Пяройдзем да тэхналогій. Наколькі складана варыць піва ў хатніх умовах і што для гэтага патрэбна?
«На пытанне „Ці цяжка?“ коратка адказаць складана. Усё залежыць ад таго, колькі часу і грошай чалавек гатовы на гэта выдаткаваць. Варыць можна ў звычайнай каструлі, а можна на спецыяльным абсталяванні для хатняга піваварства — так прасцей. Вось мінімальны набор таго, што вам спатрэбіцца: каструля, мяшок для зацірання, кулінарны тэрмометр, нейкая ёмістасць для закісання з гідразатворам, хмель, солад і дрожджы», — распавядае Станіслаў.
Варым піва самі!
Для тых, хто зацікавіўся «піўнай» тэмай, Станіслаў пакінуў спрошчаны рэцэпт прыгатавання піва, з якога і варта пачаць. Усе інгрэдыенты і інструменты можна набыць у спецыялізаваных крамах, якіх у нашай краіне дастаткова. Сваім досведам можна дзяліцца ў каментарыях.

Рэцэпт наступны:
- Награваем ваду да 45 градусаў.
- Засыпаем солад у мяшок і змяшчаем сам мяшок у каструлю.
- Праводзім «заціранне сусла» з дапамогай тэрмометра, гэта значыць награваем змесціва каструлі да 68 градусаў і стараемся падтрымліваць гэтую тэмпературу на працягу 1 гадзіны.
- Награваем да 78 градусаў і вытрымліваем гэтую тэмпературу 5 хвілін.
- Дастаём мяшок з соладам з сусла.
- Награваем сусла да кіпення.
- Дадаём хмель і варым на працягу гадзіны.
- Астуджаем каструлю са змесцівам да 25 градусаў.
- Пераліваем у ёмістасць для закісання і дадаём дрожджы.
- Пакідаем піва брадзіць прыкладна на 14 дзён, пасля чаго разліваем па бутэльках, дадаём крыху цукру, закрываем бутэлькі і пакідаем на 14 дзён у цёплым месцы.
- Пасля ўсяго апісанага можна паставіць маладое піва ў халадзільнік «даспяваць» прыкладна на 25 дзён — і піва гатова!
Калі вас зацікавіла «піўная» тэма, абавязкова падпішыцеся на YouTube-канал нашага героя! І поспехаў вам у гэтай справе.
Аўтар: Аляксей Шкураў.
Першапачаткова апублікавана ў выданні «Сильные Новости» 4 снежня 2023 года.

