← Назад да артыкулаўКультура і побыт

Піва ў рытуалах язычнікаў ВКЛ: Мацей Стрыйкоўскі

Як выкарыстоўвалася піва ў язычніцкіх абрадах Літвы, Жамойці і суседніх балцкіх земляў XVI стагоддзя? Разглядаем сведчанні Мацея Стрыйкоўскага пра ахвяраванні, восеньскія і вясновыя святы, пахаванні і памінанне продкаў.

Апублікавана 5 хв.
Калаж з партрэтам Мацея Стрыйкоўскага, выявамі язычніцкіх багоў, рэканструкцыяй абраду і традыцыйным гумном
Абложка артыкула «Піва ў рытуалах язычнікаў ВКЛ: Мацей Стрыйкоўскі».

Уводзіны

Вялікае Княства Літоўскае было адной з апошніх еўрапейскіх дзяржаў, дзе кіроўная дынастыя захоўвала язычніцтва. Афіцыйная хрысціянізацыя Літвы пачалася ў 1387 годзе, а Жамойці — у пачатку XV стагоддзя. Аднак дахрысціянскія вераванні і абрадавыя практыкі працягвалі існаваць значна даўжэй.

Партрэт Мацея Стрыйкоўскага
Мацей Стрыйкоўскі. Аанімная гравюра, XVI стагоддзе.Wikimedia Commons

Адной з найбольш цікавых пісьмовых крыніц XVI стагоддзя з’яўляецца «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсёй Русі» Мацея Стрыйкоўскага. У ёй храніст апісвае рэлігійныя ўяўленні і абрады жыхароў Літвы, Жамойці, Лівоніі, Курляндыі, Прусіі і суседніх земляў. У некаторых выпадках ён падкрэслівае, што сам бачыў апісаныя звычаі.

Старонка «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі» Мацея Стрыйкоўскага, 1582 год
Старонка «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі» Мацея Стрыйкоўскага. Кёнігсберг, 1582 год.Maciej Stryjkowski / Repozytorium Cyfrowe Instytutów Naukowych (RCIN)

У гэтай публікацыі разгледзім менавіта тыя сведчанні Стрыйкоўскага, у якіх піва выступае часткай ахвяравання, святочнай трапезы або памінальнага рытуалу.

Важна ўлічваць, што не ўсе апісаныя ніжэй абрады адбываліся непасрэдна ў межах ВКЛ. Стрыйкоўскі разглядае традыцыі шырэйшага балцкага рэгіёна, таму яго паведамленні варта чытаць як сведчанні пра рэлігійны свет Літвы, Жамойці і суседніх народаў XVI стагоддзя.

Бог, якому прыносілі піва

У пераліку «літоўскіх і жамойцкіх» багоў Стрыйкоўскі называе шаснаццаць божастваў. Апошнім ідзе Puschajtis — Пушайціс, якога храніст называе зямным богам, што жыве сярод бузіны.

Паводле Стрыйкоўскага, каля бузіны яму прыносілі хлеб і піва і прасілі пасылаць у гумны маленькіх істот, якіх ён называе Parstuki. Ім прыпісвалася здольнасць захоўваць і павялічваць запасы збожжа.

Стрыйкоўскі таксама апісвае начныя пачастункі для Parstuki: у гумне накрывалі стол, пакідалі хлеб, мяса, сыр і масла, пасля чаго зачынялі памяшканне. Раніцай па тым, якой ежы стала менш, спрабавалі меркаваць пра будучы дастатак гаспадаркі.

Назва Parstuki цікава гучыць побач з беларускім словам «пацукі», але такое параўнанне можа быць толькі аўтарскай асацыяцыяй. Сведчанняў, якія дазвалялі б атаясаміць міфалагічных Parstuki з рэальнымі грызунамі, крыніца не дае.

Прускія язычніцкія багі Пеколс, Пяркунас і Патрымпас, 1584 год
Пеколс, Пяркунас і Патрымпас — прускія язычніцкія божаства. Каспар Гененбергер, 1584 год.Caspar Hennenberger / Wikimedia Commons

Восеньскі абрад пасля збору ўраджаю

Адзін з найбольш падрабязна апісаных Стрыйкоўскім абрадаў адбываўся ў канцы кастрычніка, калі збожжа ўжо было сабрана і звезена ў гумны. Храніст піша, што падобныя святкаванні захоўваліся ў Літве, Жамойці, Лівоніі, Курляндыі і некаторых суседніх землях.

На свята маглі збірацца жыхары трох ці чатырох вёсак разам з сем’ямі і слугамі. Стол засцілалі сенам або абрусам, клалі хлеб, а па чатырох кутах ставілі чатыры вялікія пасудзіны з півам.

Гумно з вёскі Лучнікі Слуцкага раёна
Гумно з вёскі Лучнікі Слуцкага раёна.Белорусский государственный музей народной архитектуры и быта

Затым прыводзілі ахвярных жывёл і хатнюю птушку. Вяшчун або язычніцкі жрэц прамаўляў малітвы, пасля чаго жывёлу забівалі ў ахвяру Зяменьніку (Ziemiennik) — зямному богу.

У малітве людзі дзякавалі яму за мінулы год, здароўе, збожжа і маёмасць і прасілі абароны ад агню, хвароб і ворагаў.

Пасля ахвярапрынашэння мяса гатавалі. Перад пачаткам агульнай трапезы часткі розных страў клалі пад стол, на печ, пад лавы і ў куты дома як ахвяру Зяменьніку.

Далей пачыналася супольная ежа і піццё. Стрыйкоўскі адзначае, што ўдзельнікі працягвалі заклікаць Зяменьніка, спявалі і гралі на доўгіх трубах. Сам храніст сцвярджаў, што назіраў падобныя святкаванні ў Лівоніі, Курляндыі, Жамойці і Літве.

Такім чынам, піва ў гэтым абрадзе было не проста напоем застолля: яно займала выразнае месца ў структуры святочнай і ахвярнай трапезы.

Вясновы абрад Pergrubri

Асобна Стрыйкоўскі апісвае вясновае свята Pergrubri ў Самбіі, Прусіі і Курляндыі. Яно адбывалася пасля сходу снегу, калі з’яўлялася трава і надыходзіў час пачынаць палявыя работы.

Жыхары некалькіх вёсак складаліся соладам для піва і збіраліся ў вялікім доме.

Жрэц, якога Стрыйкоўскі называе Wurschajt, браў пасудзіну з півам, падымаў яе і звяртаўся да Пергрубіуса (Pergrubius) — бога, звязанага з травой і летам. Ён прасіў адагнаць зіму і даць добры рост пасевам.

Пасля малітвы жрэц браў пасудзіну зубамі, выпіваў піва без дапамогі рук і кідаў яе праз галаву.

Рэканструкцыя абраду з удзелам людзей у белым адзенні
Рэканструкцыя абраду.не могу найти

Наступная малітва была звернута да Пяркунаса (Perkunas) з просьбай абараніць ад грому, граду, маланкі, бур і шкодных хмар. Потым звярталіся да Свайстыкса (Swajstix) — бога святла, і да Пільвіта (Pilwitos), якога прасілі дапамагчы сабраць збожжа ў гумны.

Стрыйкоўскі піша, што такім чынам піва пілі ў гонар усіх пятнаццаці багоў, якіх ушаноўвалі ўдзельнікі гэтага канкрэтнага абраду, трымаючы пасудзіну зубамі і не дакранаючыся да яе рукамі. Пасля гэтага спявалі песні ў гонар багоў. У наступным апісанні Стрыйкоўскі расказвае пра штогадовую ахвяру быка або казла ў тых жа прускіх землях. Пасля начной трапезы рэшткі ежы і пшанічную аладку неслі да скрыжавання дарог, клалі на зямлю і засыпалі, каб іх не выкапалі жывёлы.

Піва ў пахавальных і памінальных абрадах

Піва прысутнічае і ў апісанні пахавальных звычаяў.

Стрыйкоўскі піша, што чалавек, які адчуваў набліжэнне смерці, паводле сваіх магчымасцяў загадваў прыгатаваць бочку або дзве піва і запрашаў сяброў і суседзяў, каб развітацца і прымірыцца з імі.

Перадсмяротнае развітанне старога мужчыны з роднымі і аднавяскоўцамі за півам
Мастацкая рэканструкцыя перадсмяротнага развітання з роднымі і аднавяскоўцамі, апісанага Мацеем Стрыйкоўскім.OpenAI / ChatGPT

Пасля смерці цела мылі, апраналі ў доўгую белую кашулю і саджалі. Сябры паміналі памерлага і звярталіся да яго, а пазней рыхтавалі да пахавання.

Мужчыне маглі пакласці зброю і грошы «на дарогу», а разам з целам у магілу ставілі хлеб, соль і пасудзіну з півам. Для жанчыны Стрыйкоўскі згадвае ніткі і іголку.

Асобнае месца займала памінанне памерлых. Стрыйкоўскі піша пра наведванне магіл і аплакванне сваякоў у кастрычніку. У Курляндыі, Самбіі і Прусіі падчас памінальнай трапезы частку кожнай стравы кідалі пад стол, а кружку піва вылівалі ў гонар памерлага.

Для Літвы і Жамойці ён апісвае іншы варыянт памінальнай вячэры, дзе таксама елі і пілі, спяваючы старажытныя песні. У Жамойці каля Дня ўсіх святых адзначалася свята Ilgy, падчас якога, паводле храніста, нават бедны гаспадар імкнуўся мець у доме піва і некалькі тыдняў памінаць памерлых.

Заключэнне

«Хроніка» Мацея Стрыйкоўскага паказвае, што ў апісаных ім балцкіх абрадах піва мела значна шырэйшую функцыю, чым проста святочны напой.

Яго ставілі на рытуальны стол, прыносілі разам з ежай бажаствам і духам, выкарыстоўвалі падчас малітваў аб ураджаі, пілі у гонар багоў, рыхтавалі да пахавальных і памінальных трапез і нават клалі ў магілу.

Пры гэтым сведчанні Стрыйкоўскага трэба чытаць крытычна: гэта погляд храніста XVI стагоддзя на вельмі разнастайныя традыцыі Літвы, Жамойці, Прусіі, Курляндыі і суседніх земляў. Але менавіта дзякуючы такім апісанням можна ўбачыць, наколькі цесна піва было звязана з аграрным календаром, ахвяраваннем, супольнай трапезай і памяццю пра памерлых.

Крыніцы і нататкі
  1. Kronika Polska, Litewska, Żmódzka i wszystkiéj Rusi Macieja Stryjkowskiego. Tom 1 ↗ — Maciej Stryjkowski, Nakład Gustawa Leona Glücksberga, Warszawa, 1846

    Першы том «Хронікі польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсёй Русі» Мацея Стрыйкоўскага ў варшаўскім выданні 1846 года, якое з’яўляецца дакладным паўтарэннем першага кёнігсбергскага выдання 1582 года. Хроніка ўтрымлівае апісанні рэлігійных абрадаў і звычаяў насельніцтва Літвы, Жамойці, Прусіі і суседніх земляў, у тым ліку сведчанні пра выкарыстанне піва ў каляндарных і ахвярных рытуалах.