← Назад да артыкулаўКрыніцы і дакументы

Orbis Pictus: як еўрапейскі падручнік XVII стагоддзя знаёміў шляхецкую моладзь з піваварэннем

У 1658 годзе Ян Амос Коменскі выдаў Orbis Sensualium Pictus — знакаміты ілюстраваны падручнік, сярод раздзелаў якога было і піваварэнне. Даследуем, як кніга распаўсюджвалася ў Рэчы Паспалітай, што менавіта паказвала піваварная гравюра і чаму побач з катлом з’явіўся аламбік.

Апублікавана 8 хв.
Ян Амос Коменскі, тытульны аркуш Orbis Sensualium Pictus і гравюры XVII стагоддзя з выявай піваварэння.
Ян Амос Коменскі, Orbis Sensualium Pictus і піваварэнне XVII стагоддзя. Вокладка створана з дапамогай AI на аснове гістарычных выяў.

Увядзенне

У сярэдзіне XVII стагоддзя Ян Амос Коменскі выдаў Orbis Sensualium Pictus, або скарочана Orbis Pictus, — ілюстраваны падручнік, якому было наканавана стаць адным з найбольш вядомых еўрапейскіх вучэбных дапаможнікаў свайго часу.

Сярод яго шматлікіх выяў маю ўвагу прыцягнула гравюра, прысвечаная піваварэнню. Для чалавека, які цікавіцца гісторыяй піва, яна асабліва цікавая: перад вучнем XVII стагоддзя тут паслядоўна паказвалі солад, хмель, варачны кацёл, ахалоджванне зваранай вадкасці і яе перанос у склеп.

Ксілаграфія XVII стагоддзя з выявай працэсу піваварэння: варачнага катла, ёмістасці для ахалоджвання сусла і работнікаў, якія пераносяць піва ў склеп.
«Піваварэнне» (Zythopoeia. Die Bierbraw.), Orbis Sensualium Pictus Яна Амоса Коменскага, Нюрнберг, 1658 г.Paul Kreutzberger / Johann Amos Comenius, Orbis sensualium pictus

Узнікае заканамернае пытанне: наколькі гэтая выява магла быць знаёмая моладзі на землях Рэчы Паспалітай, у тым ліку на тэрыторыі сучаснай Беларусі? І ці мог з дапамогай такога падручніка малады шляхціч атрымаць хаця б самае агульнае ўяўленне пра працу бровара?

Што ўяўляў сабой Orbis Sensualium Pictus

Першае выданне Orbis Sensualium Pictus выйшла ў Нюрнбергу ў 1658 годзе на лацінскай і нямецкай мовах. Кніга спалучала кароткія тэксты з выявамі прадметаў, жывёл, чалавечых заняткаў і рамёстваў. Першапачатковая структура ўключала каля 150 ілюстраваных тэм.

Orbis Pictus часта называюць першай еўрапейскай дзіцячай ілюстраванай кнігай у сучасным разуменні. Але для самога Коменскага выявы былі не ўпрыгожаннем. Праз іх вучань адначасова засвойваў словы і атрымліваў уяўленне пра тое, як уладкаваны навакольны свет.

Партрэт Яна Амоса Коменскага побач з тытульным аркушам першага выдання яго падручніка Orbis Sensualium Pictus 1658 года.
Злева — Ян Амос Коменскі, партрэт Юргена Овенса, 1650–1670 гг.; справа — тытульны аркуш першага выдання Orbis Sensualium Pictus, Нюрнберг, 1658 г.Jürgen Ovens / Rijksmuseum; Johann Amos Comenius, Orbis sensualium pictus, 1658

Папулярнасць кнігі была велізарнай. Даследчыкі налічваюць 53 шматмоўныя выданні паміж 1658 і 1700 гадамі, 89 — у XVIII стагоддзі і яшчэ 77 — у XIX. Тэксты перакладаліся і прыстасоўваліся да новых моўных і адукацыйных асяроддзяў.

Паказальны прыклад — Левоча, якая сёння знаходзіцца ў Славакіі. У 1685 годзе ў друкарні Самуэля Брэўэра там выйшаў чатырохмоўны Orbis Pictus з лацінскім, нямецкім, венгерскім і чэшскім тэкстам. Выданне прызначалася для мясцовага школьнага асяроддзя; пазней у горадзе з’явілася мемарыяльная дошка, якая нагадвае пра гэты эпізод гісторыі кнігі.

Мемарыяльная дошка ў Левочы, прысвечаная выданню Orbis Pictus Яна Амоса Коменскага ў друкарні Брэўэраў у 1685 годзе.
Мемарыяльная дошка ў Левочы, прысвечаная выданню Orbis Pictus у друкарні Брэўэраў у 1685 годзе. Усталявана ў 1957 г.

Польскі тэкст з’явіўся яшчэ раней. У 1667 годзе ў Бжэгу было выдадзена чатырохмоўнае выданне на лацінскай, французскай, нямецкай і польскай мовах. Такім чынам, ужо праз дзевяць гадоў пасля першага нюрнбергскага выдання змест Orbis Pictus стаў даступны польскамоўнаму чытачу.

Orbis Pictus у адукацыйным асяроддзі Рэчы Паспалітай

Пра распаўсюджанне кнігі дазваляюць меркаваць бібліяграфічныя каталогі, захаваныя асобнікі, школьныя праграмы і ўладальніцкія пазнакі.

Адной з важных крыніц з’яўляецца Bibliografia Polska Караля Эстрэйхера, якая фіксуе шматлікія выданні твораў Коменскага.

Тытульны аркуш дзевятнаццатага тома Bibliografia Polska Караля Эстрэйхера, выдадзенага ў Кракаве ў 1903 годзе.
Тытульны аркуш Bibliografia Polska Караля Эстрэйхера. Частка III, том VIII, літара K; агульны том XIX. Кракаў, 1903 г.Karol Estreicher / Centrum Badawcze Bibliografii Polskiej Estreicherów, Uniwersytet Jagielloński

Асабліва цікавае віленскае выданне 1767 года. Ужо ў самой яго назве пазначана: Latino et Polonico Idiomate Pro Usu Juventutis Scholarum Piarum Reimpressus — лацінска-польскае выданне, перадрукаванае для выкарыстання моладдзю піярскіх школ.

Гэта значна больш важкае сведчанне, чым простая прысутнасць кнігі ў бібліятэцы: выдаўцы непасрэдна пазначылі яе школьнае прызначэнне.

На землях Вялікага Княства Літоўскага піярскія ўстановы існавалі, сярод іншага, у Лідзе, Шчучыне, Лужках і Віцебску. Іх геаграфію паказвае атлас Станіслава Літака.

Вокладка і старонкі атласа Станіслава Літака з пералікам піярскіх калегіумаў Літоўскай правінцыі ў Рэчы Паспалітай XVIII стагоддзя.
Піярскія ўстановы Літоўскай правінцыі ў XVIII стагоддзі. Фрагменты з Atlas Kościoła łacińskiego w Rzeczypospolitej Obojga Narodów w XVIII wieku Станіслава Літака, Люблін, 2006 г.Stanisław Litak, Atlas Kościoła łacińskiego w Rzeczypospolitej Obojga Narodów w XVIII wieku

Пры гэтым не варта аўтаматычна пераносіць сведчанні пра адну навучальную ўстанову на ўсе школы Рэчы Паспалітай. Крыніцы паказваюць складаную карціну. Падручнікі Коменскага шырока выкарыстоўваліся ў шэрагу пратэстанцкіх гімназій, але канкрэтны набор кніг адрозніваўся.

Напрыклад, старое сцвярджэнне пра рэгулярнае выкарыстанне менавіта Orbis Pictus у кальвінісцкай гімназіі Слуцка дакументальна пацвердзіць не ўдаецца. Захаваныя матэрыялы 1693 года сведчаць найперш пра выкарыстанне там іншага твора Коменскага — Janua linguarum.

Затое прысутнасць Orbis Pictus у іншых школах даказана значна лепш: крыніцы фіксуюць яго выкарыстанне ў Эльблонгу, Гданьску і Торуні.

Ёсць сведчанні і са свету прыватных бібліятэк. У даследаванні бібліятэкі Радзівілаў у Белай-Падлясцы сярод кніг для ніжэйшых школ пазначаны Orbis sensualium pictus, выдадзены ў Нюрнбергу ў 1714 годзе.

Сам факт наяўнасці падручніка ў магнацкай бібліятэцы яшчэ не даказвае, хто менавіта яго чытаў і які раздзел запомніў. Але ён паказвае, што кніга сапраўды знаходзілася ў тым культурным асяроддзі, у якім выхоўвалася і навучалася знаць Рэчы Паспалітай.

Гісторык і кнігазнаўца Лілія Коўкель звярнула маю ўвагу яшчэ на адну асаблівасць такіх кніг: вучэбная і дыдактычная літаратура актыўна выкарыстоўвалася як у школах, так і пры хатнім навучанні, але праз сваю ўтылітарнасць магла горш захоўвацца і радзей трапляць у парадныя каталогі вялікіх бібліятэк. Таму адсутнасць падручніка ў канкрэтным вопісе не заўсёды азначае яго адсутнасць у адукацыйнай практыцы.

Руская традыцыя Orbis Pictus

Кніга трапіла і ў рускамоўнае адукацыйнае асяроддзе.

Вольга Кашалева даследавала два рукапісы з Бібліятэкі Расійскай акадэміі навук, якія ўтрымліваюць найбольш раннія вядомыя варыянты поўнага рускага перакладу Orbis Pictus. Яны звязаны з адукацыйнай дзейнасцю Эрнста Глюка і Іагана Паўса ў пачатку XVIII стагоддзя.

Пазней з’явіліся друкаваныя рускія версіі. У 1788 годзе ў Маскве, ва Універсітэцкай друкарні ў Мікалая Новікава, выйшла другое выданне «Иоанна Амоса Комения Видимый мир» на лацінскай, рускай, нямецкай, італьянскай і французскай мовах.

Такім чынам, ілюстраваная мадэль Коменскага працягвала жыць далёка за межамі месца і часу свайго стварэння.

Што менавіта распавядаў падручнік пра піваварэнне

Піваварэнню прысвечаны раздзел LVI — Zythopoeia. Die Bierbraw.

У арыгінальным выданні 1658 года схема працэсу надзвычай кампактная. Там, дзе няма віна, гаворыцца ў тэксце, п’юць піва. Яго гатуюць з соладу і хмелю ў катле, пасля пераліваюць у вялікія ёмістасці, ахалоджваюць, пераносяць у склеп і разліваюць па пасудзінах.

Гэта не рэцэпт у сучасным разуменні. Тут няма тэмператур, працягласці зацірання, колькасці сыравіны, дрожджаў або рэжыму ферментацыі. Перад намі хутчэй візуальная энцыклапедычная схема: дзіця павінна зразумець, з чаго робяць піва і якія асноўныя аперацыі адбываюцца ў бровары.

Менавіта гэта робіць гравюру асабліва цікавай. Піваварэнне паказана не як экзатычны занятак і не як таемнае рамяство, а як адна са звычайных частак навакольнага свету, якую адукаваны чалавек павінен умець назваць і пазнаць.

Дзве версіі піваварнай гравюры

Праглядаючы даступныя мне алічбаваныя асобнікі Orbis Pictus — усяго каля трыццаці выданняў і варыянтаў, — я звярнуў увагу, што піваварная сцэна прадстаўлена пераважна ў дзвюх асноўных кампазіцыях.

Першая ўзыходзіць да ранніх выданняў XVII стагоддзя і блізкая да нюрнбергскага арыгінала 1658 года.

Ксілаграфія XVII стагоддзя з выявай працэсу піваварэння: варачнага катла, ёмістасці для ахалоджвання сусла і работнікаў, якія пераносяць піва ў склеп.
«Піваварэнне» (Zythopoeia. Die Bierbraw.), Orbis Sensualium Pictus Яна Амоса Коменскага, Нюрнберг, 1658 г.Paul Kreutzberger / Johann Amos Comenius, Orbis sensualium pictus

У пазнейшых выданнях сустракаецца перапрацаваная кампазіцыя. У ёй мяняюцца размяшчэнне работнікаў і абсталявання, а сярод ёмістасцей з’яўляецца дадатковы чан.

Чорна-белая ксілаграфія з выявай піваварэння: чанамі, бочкай і двума работнікамі, якія нясуць пасудзіну паміж варачным памяшканнем і склепам.
Другая версія гравюры, прысвечанай піваварэнню ў Orbis Pictus.Johann Amos Comenius, Orbis sensualium pictus

Раней я меркаваў, што гэты дадатковы посуд можна адназначна вызначыць як фільтрацыйны чан і што яго з’яўленне звязана са змяненнем піваварнай тэхналогіі. Аднак сама гравюра і суправаджальны тэкст не дазваляюць даказаць гэта дастаткова ўпэўнена. Таму карэктней казаць пра змяненне выявы абсталявання, не прыпісваючы ёмістасці функцыю, якую крыніца непасрэдна не называе.

Наглядна адрозненні бачныя пры супастаўленні двух ранніх варыянтаў — нюрнбергскага выдання 1664 года і чатырохмоўнага выдання 1667 года з Бжэга.

Параўнанне дзвюх гравюр пра піваварэнне з Orbis Pictus: нюрнбергскага выдання 1664 года і выдання 1667 года з Бжэга.
Два варыянты гравюры «Піваварэнне» з Orbis Pictus: злева — Нюрнберг, 1664 г.; справа — Бжэг/Вроцлаў, 1667 г.Johann Amos Comenius, Orbis sensualium pictus — Nürnberg 1664; Brieg/Breslau 1667

Чаму побач з броварам намаляваны аламбік

Яшчэ адна незвычайная дэталь — перагонны апарат, пазначаны на ранняй гравюры нумарамі 7–9.

Тут неабходна зрабіць важнае ўдакладненне. У першапачатковым лацінска-нямецкім тэксце 1658 года гаворка ідзе не пра перагонку соладавага сусла. Коменскі апісвае атрыманне моцнага напою з віннага асадку: вадкасць награваюць у катле пад аламбікам, пасля чаго дыстылят па трубцы трапляе ў шкляную пасудзіну.

Такім чынам, графічна піваварэнне і дыстыляцыя аб’яднаны ў адной сцэне, але зыходнай сыравінай для апісанай перагонкі з’яўляецца віно.

У некаторых пазнейшых перакладах фармулёўкі маглі змяняцца, таму асобныя моўныя версіі трэба разглядаць самастойна. Аднак пераносіць такія змены назад на арыгінал 1658 года нельга.

Гэтак жа асцярожнасці патрабуе спроба рэканструяваць па малюнку ўладкаванне саладоўні. На некаторых варыянтах гравюры здаецца, што гарачае паветра або дым падымаецца ў верхнюю частку будынка, дзе знаходзіцца зерне.

Гэта цікавае назіранне, але адной выявы недастаткова, каб упэўнена сцвярджаць, што перад намі канкрэтная схема сушкі або падвэнджвання соладу. Тут заканчваецца змест крыніцы і пачынаецца тэхналагічная інтэрпрэтацыя.

Ад Коменскага да бровара XIX стагоддзя

У 1832 годзе ў Штутгарце выйшла кніга Якаба Эберхарда Гайлера Neuer Orbis Pictus für die Jugend. Яна была створана паводле ранейшага плана Коменскага, але ўяўляла сабой ужо новы вучэбны твор XIX стагоддзя і змяшчала 316 літаграфаваных выяў.

Таму яе не варта лічыць проста яшчэ адным выданнем арыгінальнага Orbis Pictus XVII стагоддзя.

Адна з ілюстрацый Гайлера зноў паказвае бровар, але ўжо значна падрабязней: работнікі перамяшчаюць бочкі, працуюць каля буйных ёмістасцей, а піва або іншую вадкасць разліваюць па невялікіх бочках.

Гравюра XIX стагоддзя з выявай бровара: работнікі пераносяць бочку, разліваюць вадкасць у бочкі і працуюць каля вялікай вытворчай ёмістасці.
Бровар у Neuer Orbis Pictus für die Jugend Якаба Эберхарда Гайлера, створаным паводле ўзору працы Коменскага. Штутгарт, 1832 г. ENJacob Eberhard Gailer, Neuer Orbis Pictus für die Jugend

Асабліва цікавая драўляная пасудзіна з ручкай і доўгім носікам, з якой работніца пералівае вадкасць.

Насатка

Па форме гэтая пасудзіна нагадвае «насатку» — вядомы ва Усходняй Еўропе тып посуду з носікам.

Леся Чміль, даследуючы назвы і прызначэнне посуду XVI–XVIII стагоддзяў, адзначае старажытнасць самога тэрміна і звязвае яго з характэрнай асаблівасцю пасудзіны — носікам. У пісьмовых крыніцах назва сустракаецца ў розных кантэкстах, у тым ліку адносна ёмістасцей для вадкасцей.

Для беларускага Палесся этнаграфічныя матэрыялы фіксуюць драўляную, бандарную насатку — падобную да вядра або высокага збанка ёмістасць з верхняй ручкай і бакавым носікам.

Параўнальная выява драўлянай насаткі: фрагмент гістарычнай ілюстрацыі і выявы з працы Лесі Чміль.
Драўляная насатка: злева — фрагмент з Neuer Orbis Pictus für die Jugend (Штутгарт, 1832), справа — выявы і рэканструкцыя з працы Лесі Чміль.Jacob Eberhard Gailer, Neuer Orbis Pictus für die Jugend, 1832; Леся Чміль, Функціональне призначення і назви керамічного посуду XVI–XVIII століть

Падабенства з пасудзінай на ілюстрацыі Гайлера сапраўды прыкметнае. Аднак тут важна правесці мяжу паміж назіраннем і даказаным фактам: мы можам казаць пра тыпалагічнае падабенства, але не можам сцвярджаць, што нямецкі мастак 1832 года наўмысна адлюстраваў менавіта беларускую насатку.

Тым не менш такое параўнанне добра паказвае, наколькі доўга ў еўрапейскай матэрыяльнай культуры існавалі блізкія формы драўлянага посуду для пералівання вадкасцей.

Дык ці вучыў Orbis Pictus шляхту піваварэнню?

Прамога дакумента, у якім малады шляхціч з Вялікага Княства Літоўскага напісаў бы: «піваварэнню я навучыўся па Orbis Pictus», мне знайсці не ўдалося.

Таму ўспрымаць назву гэтага артыкула літаральна не варта.

Але мы маем цэлы ланцужок сведчанняў. Orbis Pictus існаваў на польскай мове ўжо ў XVII стагоддзі. Творы Коменскага і яго педагагічны метад выкарыстоўваліся ў школах Рэчы Паспалітай. У 1767 годзе ў Вільні было спецыяльна надрукавана лацінска-польскае выданне для моладзі піярскіх школ. Асобнік кнігі знаходзіўся ў бібліятэцы Радзівілаў. На землях сучаснай Беларусі існавалі піярскія навучальныя ўстановы.

А ўнутры самога падручніка піваварэнне было прадстаўлена як частка базавых ведаў пра навакольны свет.

Таму цалкам абгрунтавана казаць, што адукаваны малады чалавек у Рэчы Паспалітай мог пазнаёміцца з асновамі ўладкавання бровара менавіта праз такую кнігу.

Заключэнне

Orbis Sensualium Pictus — не падручнік півавара і не зборнік рэцэптаў. Яго значэнне ў іншым.

Коменскі ўключыў піваварэнне ў візуальную карціну свету, якую лічыў неабходнай для адукацыі дзіцяці. Вучань бачыў солад і хмель, кацёл і чаны, ахалоджванне вадкасці, перанос яе ў склеп і суседнюю тэхналогію дыстыляцыі.

Праз шматлікія пераклады і перавыданні гэтая схема дзесяцігоддзямі падарожнічала па Еўропе — у тым ліку праз адукацыйнае і кніжнае асяроддзе Рэчы Паспалітай.

Таму гравюра з Orbis Pictus цікавая не толькі для гісторыі педагогікі. Гэта невялікая, але наглядная крыніца па гісторыі таго, як піваварэнне тлумачылі чалавеку XVII–XVIII стагоддзяў і якое месца яно займала ў яго ўяўленні пра ўладкаванне свету.

Крыніцы і нататкі
  1. Orbis sensualium pictus. Hoc est, omnium fundamentalium in mundo rerum & in vita actionum pictura & nomenclatura. Die sichtbare Welt, Das ist: Aller vornemsten Welt-Dinge und Lebens-Verrichtungen Vorbildung und Benahmung ↗ — Johann Amos Comenius, Michael Endter, 1658

    Першае нюрнбергскае выданне ілюстраванага падручніка Яна Амоса Коменскага на лацінскай і нямецкай мовах. Кніга знаёміць вучняў з навакольным светам, рамёствамі і штодзённымі заняткамі пры дапамозе тэксту і выяў; сярод апісаных заняткаў прысутнічае піваварэнне.

  2. In the Image of God: John Comenius and the First Children’s Picture Book ↗ — Charles McNamara, The Public Domain Review, 2014

    Гісторыка-культурнае эсэ пра Orbis Sensualium Pictus, яго ілюстрацыйны метад, структуру і месца ў гісторыі дзіцячай вучэбнай літаратуры. Разглядае бытавыя і рамесныя сюжэты кнігі, у тым ліку піваварэнне.

  3. Un best seller europeo d'altri tempi : l'Orbis sensualium pictus di Jan Amos Comenius ↗ — Il Fondo librario "Cesare Pecile", 2019

    Матэрыял бібліятэчнага выставачнага праекта пра гісторыю выданняў і еўрапейскае распаўсюджанне Orbis Sensualium Pictus. Разглядае двухмоўныя і шматмоўныя рэдакцыі кнігі і яе ролю як вучэбнага дапаможніка.

  4. Bibliografia polska. 140,000 druków. Część III. Tom VIII. Lit. K. (Ogólnego zbioru tom XIX) ↗ — Karol Estreicher, Drukarnia Uniwersytetu Jagiellońskiego pod zarządem Józefa Filipowskiego, 1903

    Том фундаментальнай польскай бібліяграфіі, прысвечаны раздзелу на літару K. Змяшчае бібліяграфічныя запісы старых выданняў і выкарыстоўваецца для выяўлення і праверкі выданняў твораў Яна Амоса Коменскага.

  5. Joh. Amos Comenii Orbis Sensualium Pictus. Hoc est, omnium fundamentalium in mundo rerum, & in vita actionum, Pictura & Nomenclatura. Latino-Gallico-Germanico-Polonice ↗ — Johann Amos Comenius, Kaspar Müller; Christoph Tschorn, 1667

    Чатырохмоўнае выданне Orbis Sensualium Pictus на лацінскай, французскай, нямецкай і польскай мовах, апублікаванае ў 1667 годзе. Асабліва важнае для вывучэння распаўсюджання падручніка ў польскамоўным асяроддзі Рэчы Паспалітай.

  6. «Приходи, отроча, учися мудрствовати!» (две ранних рукописи с русским переводом Orbis Pictus Яна Амоса Коменского) ↗ — Ольга Е. Кошелева, Вестник РГГУ. Серия «Литературоведение. Языкознание. Культурология», 2023

    Даследаванне двух ранніх рукапісаў з рускім перакладам Orbis Pictus, якія захоўваюцца ў Бібліятэцы Расійскай акадэміі навук. Разглядае гісторыю перакладу, моўныя асаблівасці рукапісаў і выкарыстанне кнігі ў адукацыйным асяроддзі.

  7. Страны, люди, обычаи. ВСТРЕЧА С КОМЕНСКИМ. ↗ — Б. РОДИОНОВ, Известия, 1981

    Публіцыстычны гісторыка-культурны матэрыял пра Коменскага, Шарашпатак, яго педагагічную спадчыну і распаўсюджанне Orbis Pictus. Электронная копія захоўвае звесткі пра арыгінальную газетную публікацыю 1981 года.

  8. Historya szkół w Koronie i w Wielkiem Księstwie Litewskiem od najdawniejszych czasów aż do roku 1794. T. 1 ↗ — Józef Łukaszewicz, Jan Konstanty Żupański, 1849

    Першы том гістарычнага даследавання школ Кароны Польскай і Вялікага Княства Літоўскага да 1794 года. Змяшчае звесткі пра структуру і колькасць навучальных устаноў розных канфесій і ордэнаў у Рэчы Паспалітай.

  9. Joh. Amos Comenii Orbis Sensualium Pictus Quadrilinguis Emendatus : Hoc est: Omnium fundamentalium in mundo Rerum, & vita Actionum, Pictura & Nomenclatura, Latina, Polonica, Gallica, & Germanica ↗ — Jan Amos Komenský, Vilniaus universiteto biblioteka, 1770

    Каталожны запіс канкрэтнага асобніка чатырохмоўнага выдання Orbis Sensualium Pictus 1770 года ў зборы Бібліятэкі Віленскага ўніверсітэта. Важны для вывучэння бытавання і паходжання асобнікаў кнігі.

  10. Joh. Amos Comenii Orbis Sensualium Pictus. Hoc est, omnium fundamentalium in mundo rerum, & in vita actionum, Pictura & Nomenclatura. Latino-Gallico-Germanico-Polonice ↗ — Johann Amos Comenius, Kaspar Müller; Christoph Tschorn, 1667

    Чатырохмоўнае выданне Orbis Sensualium Pictus на лацінскай, французскай, нямецкай і польскай мовах, апублікаванае ў 1667 годзе. Асабліва важнае для вывучэння распаўсюджання падручніка ў польскамоўным асяроддзі Рэчы Паспалітай.

  11. Biblioteka i archiwum Radziwiłłów w Białej Podlaskiej ↗ — Wanda Karkucińska, Uniwersytet Warszawski, 1995

    Даследаванне гісторыі бібліятэкі і архіва Радзівілаў у Бялай-Падлясцы і складу магнацкага кнігазбору. Каталожныя звесткі дазваляюць прасачыць прысутнасць твораў Коменскага, у тым ліку выдання Orbis Sensualium Pictus 1714 года.

  12. Функціональне призначення і назви керамічного посуду XVI–XVIII століть ↗ — Леся Чміль, Музей історії Десятинної церкви, 2021

    Даследаванне функцыянальнага прызначэння і гістарычных назваў керамічнага посуду XVI–XVIII стагоддзяў на падставе археалагічных і пісьмовых крыніц. Карыснае для ідэнтыфікацыі формаў і тэрміналогіі посуду ранняга Новага часу.

  13. Авторский комментарий Лилии Коукель к исследованию об Orbis Pictus — Лилия Коукель, 2026

    Аўтарскі каментар пра распаўсюджанне вучэбнай літаратуры і прыватныя кнігазборы на землях Рэчы Паспалітай, выкарыстаны пры падрыхтоўцы даследавання.

  14. Atlas Kościoła łacińskiego w Rzeczypospolitej Obojga Narodów w XVIII wieku = The atlas of the Latin Church in the Polish-Lithuanian Commonwealth in the 18th century — Stanisław Litak, Towarzystwo Naukowe Katolickiego Uniwersytetu Lubelskiego Jana Pawła II, 2006

    Гісторыка-картаграфічны атлас структуры Лацінскай царквы ў Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў у XVIII стагоддзі. Дазваляе лакалізаваць царкоўныя ўстановы і манаскія структуры на тэрыторыі дзяржавы.

  15. Znajomość dzieł Jana Amosa Komeńskiego na ziemiach czeskich, słowackich i polskich od połowy XVII w. do czasów obecnych — Marta Bečkova; Tadeusz Bieńkowski; Dagmar Čapkova, Wydawnictwo Instytutu Historii Nauki, Oświaty i Techniki, 1991

    Даследаванне распаўсюджання і рэцэпцыі твораў Яна Амоса Коменскага на чэшскіх, славацкіх і польскіх землях з сярэдзіны XVII стагоддзя. Выкарыстоўваецца для рэканструкцыі геаграфіі і храналогіі знаёмства з яго працамі.

  16. Иоанна Амоса Комения Видимый мир на латинском, российском, немецком, италианском и французском языках представленный; или Краткое введение, которым изъясняется, что обучающемуся юношеству легким способом не только языки, разумным упражнением, но также и вещи достойныя знания самонужнейшия должны быть вперены... — Иоанн Амос Комений, Въ Университетской типографіи, у Н. Новикова, 1788

    Другое маскоўскае выданне адаптацыі Orbis Pictus на лацінскай, рускай, нямецкай, італьянскай і французскай мовах, выдадзенае ў 1788 годзе. Дэманструе далейшае распаўсюджанне вучэбнай мадэлі Коменскага ў рускамоўным адукацыйным асяроддзі.

  17. Podręczniki J. A. Komeńskiego w szkołach różnowierczych Rzeczypospolitej (XVII—poł. XVIII w.) ↗ — Stanisław Tworek, Annales Universitatis Mariae Curie-Skłodowska. Sectio F, Nauki Humanistyczne, 1974

    Даследаванне выкарыстання падручнікаў Яна Амоса Коменскага ў пратэстанцкіх школах Рэчы Паспалітай у XVII — першай палове XVIII стагоддзя. Разглядае распаўсюджанне яго вучэбных прац у гімназіях, у тым ліку на тэрыторыі Вялікага Княства Літоўскага.