Як кава выратавала шляхецкіх жанчын ад п’янства з піўной «Граматкай»

Калі чытаеш Енджэя Кітовіча, часам здаецца, што ён пісаў не проста гістарычны твор, а злую і вельмі дакладную хроніку шляхецкага побыту.

Вось, напрыклад, ягоныя развагі пра каву. Калі верыць Кітовічу, у Рэчы Паспалітай кава была не проста моднай навінкай, а амаль абавязковым ранішнім рытуалам. І не толькі таму, што гэта смачна, прэстыжна і па-гарадскому. Тадышняя медыцына цалкам сур’ёзна сцвярджала, што ўставаць нашча шкодна, а тым больш выходзіць у такім стане на «паветра». Таму кава асабліва трывала замацавалася менавіта як ранішні напой. Як я ўжо раней пісаў, каля 1700 года на землях Рэчы Паспалітай з’яўляюцца першыя кавярні, а да канца XVIII стагоддзя кава ўжо настолькі распаўсюджваецца, што пачынае выцясняць старыя ранішнія напоі з паўсядзённага ўжытку.

Злева: Енджэй Кітовіч. Справа — тытульны ліст кнігі «Апісанне нораваў і звычаяў часоў панавання Аўгуста III», 1840 год.

Так што, калі вы таксама не можаце па раніцах нармальна «ажыць» без першай кубачкі кавы, ведайце: гэта не выхадкі маркетолагаў, а жыве ў вас старая добрая традыцыя вашых продкаў яшчэ з часоў Аўгуста III. Такая ж, увогуле, народная шляхецкая класіка, як лячыцца самагонкай з перцам, пра што пісаў у сваіх мемуарах француз Клод Жардан «Voyages historiques de l’Europe», праязджаючы праз Рэч Паспалітую ў XVII стагоддзі ў напрамку Масквы.

Тытульны ліст кнігі «Voyages historiques de l’Europe». Аўтар — Клод Жордан (Claude Jordan). Выданне 1693 года (Парыж).

Кітовіч нават піша, што асабліва руплівым аматаркам кавы кубачак маглі несці проста да ложка, ледзь яны расплюшчвалі вочы. Набожныя дамы, збіраючыся да прычасця, стараліся потым як мага хутчэй вярнуцца дадому, абы толькі як найхутчэй заспець ужо гатовую каву. А вясковыя прыхаджанкі, што жылі далей ад касцёла, дык і ўвогуле бралі яе з сабой, каб адразу пасля службы выпіць любімы напой і не заставацца надта доўга нашча.

І аўтар, што цікава, гэта хутчэй ухваляе. Чаму? Бо альтэрнатыва была куды весялейшая.

Кава ў шляхецкім асяроддзі XVIII стагоддзя: свецкая сцэна з эпохі позняй Рэчы Паспалітай. Офорт Martin Bernigeroth паводле малюнка J. A. Richter.

Да таго як кава ўвайшла ў звычай, знатныя дамы ў Рэчы Паспалітай пілі па раніцах салодкую гарачую поліўку з піва, цукру, жаўткоў і прыправаў. Калі суаднесці гэты ўрывак з маёй ранейшай нататкай, то перад намі вельмі пазнавальная граматка — стары ранішні сагравальны напой, які доўгі час фактычна выконваў ролю кавы. У сваім артыкуле я якраз паказваў, што граматка была адным з папулярных ранішніх напояў шляхецкага асяроддзя і паступова саступіла месца каве толькі ў XVIII стагоддзі.

Але далей пачынаецца самае цікавае. Паводле Кітовіча, гаспадыні і іхнія госці пасля такой, на першы погляд, нявіннай поліўкі нярэдка ціхенька ішлі ў хатнюю аптэчную кладоўку — тую самую Армарыю — і там пачыналі падліваць у граматку самагонку. Пасля гэтага, як з’едліва заўважае аўтар, з дам паступова атрымліваліся спачатку капрызніцы і дзівакі, а потым і цалкам сабе агністыя п’яніцы.

Тут Кітовіч, вядома, крыху драматызуе — але робіць гэта бліскуча. І па сутнасці кажа вельмі простую рэч: кава ў шляхецкім побыце аказалася не проста новай модай, а заменай старому ранішняму звычаю, дзе побач з півам, жаўткамі і прыправамі вельмі хутка выяўлялася звычка піць што-небудзь мацнейшае.

Таму выснова ў яго амаль нечакана цвярозая: каву трэба хваліць ужо хаця б за тое, што яна ўратавала ад самагонкі не толькі жанчын, але і многіх мужчын.

Мне ўвогуле падабаецца гэты эпізод тым, што ён паказвае гісторыю напояў не праз парадныя меню і не праз гандлёвыя кнігі, а праз жывы побытавы нерв. Звычайна каву ў Рэчы Паспалітай падаюць як гісторыю моды, кавярняў і ўсходняй экзотыкі. А тут мы бачым больш прыземленую праўду жыцця: кава перамагла яшчэ і таму, што аказалася зручнай, прэстыжнай і параўнальна цвярозай заменай старому «ранішняму падагрэву».

Так што так — у пэўным сэнсе кава сапраўды выратавала шляхецкіх жанчын ад п’янства. Прынамсі, калі верыць саркастычнаму, але вельмі назіральнаму Кітовічу.


Крыніца:

Енджэй Кітовіч — польскі гісторык і мемуарыст XVIII стагоддзя. Яго кніга «Апісанне нораваў і звычаяў часоў панавання Аўгуста III» была напісаная пасля 1787 года і ўпершыню выдадзеная ў Познані ў 1840–1841 гадах. Сам твор прысвечаны паўсядзённаму жыццю і звычаям Рэчы Паспалітай сярэдзіны XVIII стагоддзя.