Мядовыя азёры ВКЛ і Рэчы Паспалітай

Раней я ўжо пісаў пра тое, што нашыя землі былі адным з цэнтраў выдатнага медаварэння, дзе вырабляліся высакародныя мядовыя віны (пітныя мяды), якія па якасці маглі супернічаць з найлепшымі вінамі Еўропы [спасылка на папярэдні артыкул].

Гэтым разам мне трапіўся незвычайны трактат XVII стагоддзя пра фінансы і падаткі, аўтарам якога быў Каспар Клок (Casparis Klockii, 1583–1655), прыдворны юрысконсульт і былы бургграф Браўншвейга. Поўная назва яго твора:

«Tractatus juridico-politico-polemico-historicus de Ærario, sive Censu per honesta media, absque divexatione Populi, licite conficiendo. Libri duo».

Выява 1 — Гравюра на медзі юрыста і дзяржаўнага дзеяча Каспара Клока, 1634 год.

Выкарыстаная ў гэтым артыкуле версія трактата выйшла пасля смерці аўтара ў пашыраным і выпраўленым выданні пад рэдакцыяй Christophori Pelleri ў Нюрнбергу ў 1671 годзе.

Выява 2 — Тытульныя старонкі трактата Casparis Klockii, «Tractatus de ærario», Christophori Pelleri, Нюрнберг, 1671 год.

Трактат XVII стагоддзя «Tractatus de ærario» прысвечаны, здавалася б, сур’ёзнай тэме — пошуку справядлівых і разумных спосабаў папаўнення дзяржаўнай казны. Але сярод сухіх разважанняў пра падаткі і законы аўтар прыводзіць жывыя, часам уражлівыя прыклады з розных краін. Адзін з такіх прыкладаў датычыцца Рэчы Паспалітай (тэрыторый Польшчы, Літвы і Русі), дзе лясное пчалярства і вытворчасць пітнога мёду былі важнай часткай эканомікі.

Менавіта мёд і воск, здабытыя з дуплаў дрэў і лясных пасек (бортніцтваў), былі істотнай крыніцай даходаў караля Рэчы Паспалітай. Напоі на аснове мёду варыліся з даданнем хмелю, спецый і сокаў (у тым ліку дзікіх чырвоных яблыкаў) і экспартаваліся далёка за межы дзяржавы.

Выява 3 — Старонка №469 трактата «Tractatus de ærario», якая змяшчае згаданую інфармацыю.

Аднак, акрамя практычных аспектаў, кніга раскрывае дзіўныя гісторыі, звязаныя з мядовымі запасамі рэгіёна. У трактаце апісваюцца настолькі вялікія залежы дзікага мёду, што людзі і звяры літаральна танулі ў ім, падобна казуркам, што трапілі ў ліпкую пастку:

…Вялікае княства настолькі багатае мёдам, што ў яго вялізных лясах, пячорах і пустых дрэвах часам знаходзяць такія велізарныя запасы мёду, што людзі і дзікія звяры, неасцярожна падаючы ў гэтыя мядовыя азёры, апынаюцца пагружанымі ў іх, бы мухі ў мёдзе, і рызыкуюць загінуць…

Выява 4 — Партрэт Паола Джовіа, створаны ў 1550 годзе.

Не менш цікавы і расповед XVI стагоддзя ад італьянскага медыка і гуманіста Паола Джовіа (Paolo Jovius, 1483–1552), які, на маю думку, цалкам заслугоўвае таго, каб яго пераказвалі за кубачкам нашага традыцыйнага беларускага пітнога мёду:

Паола Джовіа паведамляе, што нейкі Дзмітрый, пасол у Рыме, звычайна распавядаў, выклікаючы ўсеагульны смех слухачоў, гісторыю пра селяніна, які ў пошуках мёду залез у вялікае полае дрэва і праваліўся ў глыбокае мядовае возера амаль па грудзі. Двое сутак ён падтрымліваў жыццё выключна мёдам, бо яго крыкі аб дапамозе ў лясной глушы не дасягалі слыху мінакоў. Урэшце, страціўшы надзею, ён быў выратаваны велізарнай мядзведзіцай, якая выпадкова залезла ў дрэва, каб паласавацца мёдам. Мужчына ўхапіўся за яе лапы, і мядзведзіца, напалохаўшыся і спрабуючы вызваліцца, сваім скачком выцягнула яго вонкі.

Выява 5 — Ілюстрацыя выпадку з селянінам, згенераваная з дапамогай нейрасеткі.

Гэтыя дзіўныя гісторыі нагадваюць нам пра багацце і ўнікальнасць нашай гісторыі і культуры. Мядовыя ды піўныя традыцыі Вялікага княства Літоўскага ды Рэчы Паспалітай, увасобленыя ў легендах і фактах, вартыя таго, каб іх памяталі і адраджалі ў наш час. Магчыма, менавіта за кубачкам традыцыйнага пітнога мёду гэтыя даўнія гісторыі зноў ажывуць, натхняючы новыя пакаленні даследчыкаў і аматараў беларускіх напояў.

Крыніца: Casparis Klockii, Tractatus juridico-politico-polemico-historicus de Ærario, Christophori Pelleri, Нюрнберг, 1671.