Пра наша піва і мёд у медыцынскай літаратуры XVII стагоддзя

У адным з выбітных медыцынскіх трактатаў ранняга Новага часу – Opera Medica Францыска Ёэліса (Franciscus Joël, 1510–1579), прафесара медыцыны і выкладчыка акадэміі ў Грайфсвальдзе (Pom. Duc.), — змяшчаецца апісанне нашага піва і мядовых напояў, іх уласцівасцей і ўплыву на здароўе чалавека.

Выданне, на якое спасылаемся, было апублікавана ў Амстэрдаме ў 1663 годзе ў вядомага друкара Ёгана Равестэйна (Joannes Ravesteinius) – ужо пасля смерці аўтара і ў перапрацаваным выглядзе.

Выява 1 – злева тытульны ліст, справа цытата пра піва і пітны мёд з крыніцы Franciscus Joël, Opera Medica, Amstelodami: Apud Joannem Ravesteinium, 1663.

🍺 Cerevisia – піва

«Піва (лац. cerevisia, грэч. ζύθῳ) – напой, надзвычай карысны для здароўя, амаль замяняе віно. Варыцца з вады, у якой вымочваўся і злёгку абсмажваўся ячменны або пшанічны солад з даданнем хмелевых суквеццяў».

Ёэліс піша, што ў яго час піва ўжываюць у Германіі, Багеміі, Польшчы, Даніі, Швецыі, Лівоніі, Літве (Lituania) і нават у Францыі. Італьянскі ўрач Ёган Манардус (Johannes Manardus, 1462–1536) сцвярджаў, што рэгулярнае ўжыванне піва ўмацоўвае цела, паляпшае знешні выгляд і спрыяе доўгажыхарству.

Выява 2 – італьянскі ўрач, батанік і гуманіст Ёган Манардус (Johannes Manardus, 1462–1536).

Паводле класіфікацыі Ёэліса, піва дзеліцца па фізіялагічным уздзеянні:

  • Сагравальнае і пажыўнае: гатункі з Данцыга (Гданьска), Прусіі, Гамбурга, Ростака, Грайфсвальда і Пасвальдса.
  • Асвяжальнае і ўмерана астуджальнае (пры ўмераным ужыванні): Брэмен, Мюнхен, Зерва, Эмдэн, Фрайбург, Торгаў.
  • Пажыўнае, але цяжкае для лёгкіх: Бадэн і Трыбес.

🍯 Hydromeli – пітны мёд

Напой, прыгатаваны з мёду і вады. Ён сагравае і трохі расслабляе арганізм, але слаба сілкуе, стымулюе выпрацоўку жоўці і не рэкамендуецца людзям з халерычным тэмпераментам.

Аднак, як падкрэслівае Францыск Ёэліс, найлепшы мядовы напой вараць у Літве (Lituania), Польшчы і Войтландзіі (ваколіцы Эгера). Аўтар не проста ўзгадвае гэтыя рэгіёны, але і прама называе іх цэнтрамі ўзорнага медаварэння свайго часу, здольнымі супернічаць па якасці з лепшымі еўрапейскімі вінамі.

«Найлепшы гідрамель гатуюць у Літве, Польшчы і Войтландзіі (ваколіцы Эгера).»
(Franciscus Joël, Opera Medica, 1663)

Выява 3 — Злева тытульны ліст, справа цытата пра пітны мёд з крыніцы «Daniel Sennert, Institutionum Medicinae Libri V, Wittebergae: Apud heredes Zach. Schureri, 1633».

Пацвярджэнне гэтаму мы знаходзім і ў іншага выбітнага лекара XVII стагоддзя — Даніэля Сенерта (Daniel Sennert, 1572–1637), прафесара медыцыны Вітэнбергскага ўніверсітэта. У трактаты «Institutionum Medicinae Libri V» (1633) ён піша:

«Сёння асабліва ў Літве (inprimis in Lituania) напой з мёду рыхтуюць з даданнем спецый; яго таксама часта ўжываюць сарматы і маскавіты, называючы “медон” (medonem). Хоць гэты напой і не мае смаку віна, ён валодае сагравальнымі і ап’яняльнымі ўласцівасцямі і можа супернічаць з самымі вытанчанымі вінамі.»

Выява 4 – злева тытульны аркуш, а таксама пасярэдзіне цытата пра літоўскі мёд з дысертацыі Disputatio Medica de Atrophia, Lugduni Batavorum: Apud Viduam & Heredes Johannis Elsevier, 1677. Справа – партрэт Тэадора Краанена (Theodor Craanen, 1633–1688).

Дадаткова ў дысертацыі Disputatio Medica de Atrophia («Медыцынскі дыспут пра атрафію») 1677 года студэнт Генрых Бобарт (Henricus Bobart) пад кіраўніцтвам вядомага нідэрландскага лекара, доктара медыцыны і прафесара Лейдэнскага ўніверсітэта Тэадора Краанена (Theodor Craanen, 1633–1688), у раздзеле, прысвечаным прадуктам і напоям, што спрыяюць разрэджванню крыві (так званыя attenuantia), адзначае наступнае:

«…таксама высакародным віном лічыцца літоўскі мёд (muslum Lituanicum)…»

«…няхай тыя, хто пакутуе ад слабасці, п’юць літоўскі мёд (muslum Lituanicum) — віно найбольш карыснае…»

Такім чынам, тры аўтарытэтныя лекары — Ёэліс, Зенерт і Краанен — незалежна адзін ад аднаго прызнаюць усходнія землі Рэчы Паспалітай адным з вядучых рэгіёнаў традыцыйнага медаварэння. Іх літоўскі мёд (пітны мёд) не толькі ставіцца ў адзін шэраг са шляхетнымі вінамі Еўропы, але і разглядаецца як фізіялагічна значны сродак — сагравальны, пажыўны і лячэбны.

📖 Крыніца:

Daniel Sennert, Institutionum Medicinae Libri V, Wittebergae: Apud heredes Zach. Schureri, 1633.

Franciscus Joël, Opera Medica, Amstelodami: Apud Joannem Ravesteinium, 1663.

Henricus Bobart / Theodor Craanen (præsid.), Disputatio Medica de Atrophia, Lugduni Batavorum: Apud Viduam & Heredes Johannis Elsevier, 1677.