У ваколіцах Оршы варылі піва, якое нагадвае англійскі портар (ці барлівайн?)

William Coxe, 1748–1828

Англійскі гісторык і падарожнік Уільям Кокс (William Coxe, 1748–1828) двойчы праязджаў праз тэрыторыю Вялікага Княства Літоўскага. У сваёй кнізе Travels into Poland, Russia, Sweden and Denmark (Лондан, 1784) ён адзначыў наступнае:

…Ляды, што знаходзяцца ў Смаленскай губерні і да нядаўняга падзелу былі адным з рускіх памежных гарадкоў. Мы спыніліся ў паштовай карчме, дзе нам далі вельмі зручнае жытло…
…Мы былі надзвычай узрадаваныя знайсці ў такім аддаленым краі англійскае моцнае піва…

Ляды знаходзяцца на тым самым старым шляху на Смаленск, што і Дуброўна. Менавіта там барона Кампенгаўзена таксама пачаставалі півам, падобным да портару, пра што ён згадваў у сваіх падарожных нататках, апублікаваных у 1807 годзе.

Аднак, калі ўважліва прачытаць далей працу Кокса, у апісанні банкету ў Маскве бачна, што ён выразна адрознівае паняцці «англійскае моцнае піва» і «портар»:

…Самыя простыя і самыя вытанчаныя стравы дастаўлялі з усіх куткоў імперыі: я не раз бачыў адначасова стерлядзь з Волгі, цяляціну з Архангельска, бараніну з Астрахані, ялавічыну з Украіны і фазаноў з Венгрыі і Багеміі. Іх звычайныя віны — галоўным чынам кларэт, бургундскае і шампанскае, — а англійскае моцнае піва і портар я ніколі не спрабаваў у большай паўнаце смаку і ў большай колькасці…

Гэта можа сведчыць пра тое, што барон Кампенгаўзен мог памылкова прыняць моцнае цёмнае піва за портар.

Пад «англійскім моцным півам» Кокс, найхутчэй за ўсё, меў на ўвазе папулярны ў Англіі XVIII стагоддзя слэнгавы тэрмін для моцнага эля — Stingo, які лічыцца прабацькам стылю барлівайн (Barley wine).

І калі гэта так, то ў Дуброўне барона Кампенгаўзена маглі пачаставаць не портарам, а барлівайнам, зварыным з цвінтарэем (заячы хмель).