У 2020 годзе піцерскі бровар «Knightberg Brewery» выпусціў незвычайнае sour-піва пад назвай «Боршч» — першае супавое gose. Здавалася б, гэты крэатыўны падыход звязвае звыклы суп боршч з браварствам выключна ў жартоўным маркетынгавым ключы. Аднак мае нядаўнія даследаванні паказалі, што сувязь паміж баршчом і алкагольнымі напоямі значна глыбейшая ды старэйшая, чым можа здацца на першы погляд. Больш за тое, першапачаткова слова «боршч» на тэрыторыі сучаснай Беларусі, Польшчы, Украіны і часткова Расіі азначала зусім не суп, а слабаалкагольны напой, падобны на піва або квас [5].

Першым нечаканым адкрыццём стала тое, што знакаміты суп боршч, які стаў неад’емнай часткай славянскай кухні, першапачаткова гатаваўся не з буракоў, а з расліны баршчэўнік звычайны (лац. Heracleum sphondylium, далей па тэксце баршчэўнік). Само слова «боршч» азначала ферментаваны напой з баршчэўніку, што падрабязна апісаў і абгрунтаваў у сваёй манаграфіі 1916 года польскі батанік, прафесар Ягелонскага ўніверсітэта Юзаф Растафінскі (Józef Rostafiński, 1850–1928) [5].
Растафінскі таксама адзначыў, што гэты напой з баршчэўніку выкарыстоўвалі не толькі як напой, але і як аснову для супоў і полівак [5]. У канцы XIX стагоддзя суп з баршчэўніку, які таксама называўся «боршч» (Borshch), быў папулярнай і шырока распаўсюджанай стравай на Палессі, асабліва ў Пінскім, Слонімскім, Ваўкавыскім, Пружанскім раёнах і ў Навагрудку [11].

Адно з першых сведчанняў, што пацвярджаюць алкагольную прыроду «баршчу», знаходзіцца ў кнізе Джона Джэрарда (John Gerard, 1545–1612) «The Herball» (1597), дзе пазначана, што жыхары Літвы (далей пад гэтым паняццем разумеецца большая частка тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь) з лісця ды насення баршчэўніку гатавалі ферментаваны напой, замяняючы ім піва ў цёплую пару года [2][9]. Падобныя звесткі прыводзіць і Фрыдрых Самуэль Бёк (Friedrich Samuel Boeck, 1799–1877) у XVIII стагоддзі, апісваючы эканамічную гісторыю Усходняй Прусіі. Ён згадвае напой літоўцаў пад назвай «Bartsch», які па смаку нагадваў вінны суп і ўжываўся летам замест лёгкага піва [4].

Ферментацыйныя ўласцівасці баршчэўніку, які рос каля Гродна, даследаваў французскі медык, батанік і біёлаг Жан Эмануэль Жылібер (Joannes Emmanuel Gilibert, 1741–1814). У 1770-х гадах па запрашэнні Антонія Тызенгаўза, Жылібер арганізаваў у Гродне лекавую акадэмію і батанічны сад, дзе вывучаў мясцовыя расліны. У 1782 годзе ён занатаваў [1]:
Heracleum Sphondylium (баршчэўнік) сустракаецца даволі часта на сырых лугах каля Гродна і ў іншых месцах; цвіце ў ліпені, шматгадовая расліна. Трава і насенне рэзкага смаку, злёгку духмяныя. Настой на вінным спірце афарбоўваецца ў зялёны колер; жывёлы яе не ядуць. Калі змяшаць здробненую траву з паленым цукрам (sacharō caustico) і пакінуць для закісання, атрымліваецца ап’яняльны спірт: пры малой дозе выклікае галавакружэнне і цяжкія сны.

Асобна варта згадаць працу нямецкага ўрача і фармаколага, прафесара Франкфурцкага ўніверсітэта Фрыдрыха Картхойзера (Frederick Cartheuser, 1704–1777), які ў 1767 годзе падрабязна апісаў медыцынскае выкарыстанне напою [10]:
Для ўнутранага ўжывання найчасцей прызначаюць вадны адвар або водна-вінны настой. Ва Украіне, Літве і Польшчы гэты адвар п’юць вельмі часта, дадаючы хлебапякарныя дрожджы, атрымліваючы лёгкі лекавы квас „Barzōch“. Беднякі п’юць яго замест піва, верачы, што ён выводзіць камяні і пясок, лечыць цынгу і змяншае гарачку.

І нават сам Аляксандр Дзюма-бацька (Alexandre Dumas, père; 1802–1870) — той самы, які напісаў раман «Тры мушкецёры» — згадваў пра баршчэўнік і літоўскі алкагольны напой. У сваім «Вялікім кулінарным слоўніку», выдадзеным у Парыжы ў 1873 годзе, Дзюма запісаў [12]:
…гэта расліна мае і іншыя ўласцівасці: з яе робяць разнавіднасць піва, вельмі моцнага і моцна ап’яняльнага… літоўцы, як кажуць, п’юць шмат гэтага напою…
Яшчэ адным яркім сведчаннем ёсць згадка нямецкага медыка Каспара Хофмана (Caspar Hofmann, 1572–1648) у працы «De Medicamentis Officinalibus» (1667), што ў Літве баршчэўнік выкарыстоўвалі замест хмелю ў піваварэнні [3]. Пазней, у 1719 годзе, падобная інфармацыя з’явілася і ў акадэмічным зборніку «Disputationes Orationes et Programmata», выдадзеным ва ўніверсітэце Гале-Вітэнберг [8].

Цікава таксама адзначыць, што з баршчэўніку здабывалі «цукар» і гналі гарэлку. Італьянскі батанік Карла Альёні (Carlo Allioni, 1728–1804) у працы «Flora Pedemontana» (1785) пісаў [7]:
Пад карой (баршчэўніку), асабліва ў чаранках і цветаножках, знаходзіцца мучністае рэчыва з цукрам, з якога ў Літве гатуюць ежу і пераганяюць моцны спіртны напой.
Працэс атрымання гэтай «салодкай мукі» больш падрабязна апісаў адзін з заснавальнікаў клінічнай фармакалогіі, брытанскі лекар і батанік Уільям Уізерынг (William Withering, 1741–1799) у 1776 годзе [6]:
Рускія ачышчаюць каранёвыя чаранкі, падвешваюць іх на сонца, затым звязваюць у пучкі і зноў падвешваюць да таго часу, пакуль яны не пажоўкнуць. Пасля гэтага іх складаюць у мяшкі, і на паверхні ўтвараецца мучністае рэчыва, падобнае да цукру. Яго абтрасаюць і падаюць гасцям як вялікую рэдкасць. З яго таксама пераганяюць моцны спіртны напой.
Такім чынам, традыцыя выкарыстання баршчэўніку ў браварстве ды прыгатаванні слабаалкагольных напояў глыбока ўкаранёна ў гісторыі і культуры Беларусі і суседніх зямель. Боршч у сваім першапачатковым значэнні быў значна бліжэй да піва і лёгкіх ферментаваных напояў, чым да сучаснага бурачнага супу. Веру, што мы зноў убачым боршч як традыцыйны асвяжальны летні напой, які годна зойме месца побач з квасам ды півам.
Крыніцы:
- Gilibert, Joannes Emmanuel (1741–1814). Flora Lithvanica Inchoata. Вильнюс, 1782.
- Gerard, John (1545–1612). The Herball, or Generall Historie of Plantes. London, 1597.
- Hofmann, Caspar (1572–1648). De Medicamentis Officinalibus. Francofurti ad Moenum, 1667.
- Boeck, Friedrich Samuel (1799–1877). Versuch einer wirtschaftlichen Naturgeschichte von dem Königreich Ost- und Westpreussen. XIX век.
- Rostafiński, Józef Tomasz (1850–1928). O nazwach oraz użytkach ćwikły, buraków i barszczu. Краков, 1916.
- Withering, William (1741–1799). A Botanical Arrangement of All the Vegetables Naturally Growing in Great Britain. Birmingham, 1776.
- Allioni, Carlo (1728–1804). Flora Pedemontana, Т2. Taurini, 1785.
- Franck, Johann Christoph (ред.). Disputationes Orationes et Programmata. Halle, Magdeburg, 1719.
- Dewes, Gerard; Lyte, Henry. A Niéwve Herball, or Historie of Plantes. London, 1578.
- Cartheuser, Fridericus (1704–1777). Fundamenta Materiae Medicae, T2. Francofurti ad Viadrum, 1767.
- Graniszewska, Maja; Wild edible plants of Belarus: From Rostafiński’s questionnaire of 1883 to the present. Journal of Ethnobiology and Ethnomedicine, 2013.
- Dumas-père, Alexandre (1802–1870). Grand Dictionnaire de Cuisine. Alphonse Lemerre, Éditeur. Paris, 1873.