Як Тызенгаўз развіваў нашае браварства

Граф Антоні Тызенгаўз — прыкметны дзяржаўны дзеяч Вялікага Княства Літоўскага і эканамічны рэфарматар эпохі апошняга караля Рэчы Паспалітай Станіслава Аўгуста Панятоўскага. У 1765 годзе кароль прызначыў яго надворным падскарбіем літоўскім і кіраўніком каралеўскіх эканомій, пасля чаго Тызенгаўз разгарнуў маштабныя гаспадарчыя пераўтварэнні.

Граф Антоні Тызенгаўз (J. Rustem, 1819)
Аўтар: Ян Рустэм — Lietuvos nacionalinė Martyno Mažvydo biblioteka

На гэтым фоне ў мяне ўзнікае пытанне: ці закраналі яго рэформы браварства на тэрыторыі нашага краю?

Каб адказаць на яго, па парадзе доктара гістарычных навук Юрыя Гардзеева я звярнуўся да манументальнай працы Станіслава Касцялкоўскага — гісторыка, ураджэнца Гродна, які прысвяціў дзесяцігоддзі вывучэнню эпохі Станіслава Аўгуста. Касцялкоўскі больш за трыццаць гадоў збіраў матэрыялы ў архівах як у краіне, так і за яе межамі.

Станіслаў Касцялкоўскі (1905 г.)
Аўтар: Nikolaj Lebedev — Polona.pl

Яго галоўная праца разраслася да больш як тысячы старонак. Рукапіс быў падрыхтаваны да друку ў Вільні ў 1939 годзе, уцалеў падчас вайны і ў выніку выйшаў у Лондане ў 1970–1971 гадах пад назвай: «Антоні Тызенгаўз, падскарбі надворны літоўскі. Даследаванні па гісторыі Літвы ў пачатку праўлення Станіслава Аўгуста (1765—1780)» (у двух тамах). Менавіта гэтую працу, а таксама шэраг крыніц, на якія спасылаўся аўтар, я выкарыстаў для пошуку адказу.

Kościałkowski S. Antoni Tyzenhauz. Crown Treasurer of the Grand Duchy of Lithuania. Vol. I/II. London: Stefan Batory University, London Community, 1970.

Што ўдалося выявіць

Перш за ўсё — Тызенгаўз запрашаў вопытных бровараў-саладоўнікаў, асабліва з Чэхіі. Іх задачай былі не толькі кансультацыі пры будаўніцтве і арганізацыі бровараў і саладовень, але і навучанне мясцовых спецыялістаў вытворчасці выдатнага соладу і варэнню якаснага піва.

Пра гэта пісаў прафесар Віленскага ўніверсітэта Юзаф Ярашэвіч, які таксама працаваў з архівамі Тызенгаўза:

…Каб укараніць у Літве найлепшы спосаб варкі піва, ён (Тызенгаўз) запрашае з чэшскай Прагі бровараў, будуе паводле іх жадання бровары, забяспечвае неабходным посудам, але адначасова абавязвае, каб яны ў гэтым жа рамястве ўдасканальвалі адабраных сялян — не толькі з эканамічных, але нават з прыватных маёнткаў…

Як прыклад такога найму можам вывучыць кантракт з майстрам-саладоўнікам і броварам Янам Вейгнерам, заключаны 21 жніўня 1760 года: яго наймаюць, каб навесці парадак у бровары мястэчка Велішэў (сучасная Польшча, Мазавецкае ваяводства). Паводле ўмоў пагаднення майстар абавязаны варыць ардынарнае (звычайнае) піва, а пры неабходнасці — і «дубельтовае» (двайное), мацнейшае, прычым з соладу ўласнага прыгатавання і так, каб напой быў якасным і празрыстым для ўсіх корчмаў велішэўскага ключа.

Адначасова на яго ўскладаўся тэхнічны нагляд за новым браварным заводам: вызначыць, якія патрэбныя каменныя, бандарныя і цяслярскія работы, растлумачыць, як іх выканаць, і прасачыць за іх рэалізацыяй.

За гэтую службу казна ўсталёўвала рэгулярнае ўтрыманне: грашовае жалаванне, а таксама натуральныя выдачы зернем, крупамі, маслам і сырам.

Скан дамовы з Янам Вейгнерам з Archiwum Główne Akt Dawnych (AGAD)

Дарэчы, у Гродне захавалася будынак бровара, узведзены яшчэ ў часы Тызенгаўза, дзе, імаверна, працавалі запрошаныя чэшскія бровары. Як адзначае гродзенскі гісторык Андрэй Вашкевіч, гаворка ідзе пра дом па адрасе: вуліца Падольная, 37, дзе сёння знаходзіцца рэстаран «Шэрвуд». Першапачаткова гэты будынак і быў узведзены менавіта як бровар.

1880-1900 гады
1915 год
2013 год

Будаўніцтва і маштабы

З даследаванняў Касцялкоўскага відаць, што актыўнасць Тызенгаўза распаўсюджвалася і на яго прыватныя ўладанні. Гісторык згадвае запрашэнне ў гэтыя ўладанні рамеснікаў, правядзенне буйных будаўнічых работ, узнікненне цагляных бровараў і саладовень. Пры гэтым Касцялкоўскі спецыяльна агаворваецца — многія з гэтых прадпрыемстваў маглі існаваць яшчэ да Тызенгаўза, а дакладных колькасных даных і фінансавых паказчыкаў крыніцы не даюць.

Дарэчы, калі гаварыць пра «каменныя» бровары, у дакументах Тызенгаўза можна ўбачыць, у колькі ацэньвалася будаўніцтва буйнога цаглянага браварнага завода разам з інфраструктурай. Калі Магілёўская эканомія ў канцы 1772 года пераходзіла пад уладу Расійскай імперыі, віцэ-адміністратар Кліманьскі, які заставаўся на месцы па даручэнні караля да моманту гвалтоўнага адхілення, у рапартах згадваў:

…вялікі магілёўскі бровар, які падчас заняцця краю толькі заканчвалі будаваць у камені…

Пералічваючы аб’екты, за якія новая ўлада павінна была выплаціць кампенсацыю як за пакінутую маёмасць, ён асобна падкрэсліваў і гэты бровар. У дакументах указвалася, што яго вартасць, прынамсі па ўкладаннях у будаўніцтва, прымалася не менш як у 200 000 злотых.

Скан фрагмента рапарта віцэ-адміністратара Кліманьскага з Archiwum Główne Akt Dawnych (AGAD)
Заўвага

У срэбным эквіваленце сума 200 000 злотых 1770-х гадоў — гэта каля 584,5 кг чыстага срэбра, што паводле каціровак на 9 лютага 2026 года адпавядае прыкладна каля 1,55 млн долараў ЗША.

Сыравіна: солад і хмель

Важна, што дзейнасць Тызенгаўза ў сферы броварства выходзіла далёка за межы запрашэння замежных майстроў і будаўніцтва капітальных цагляных бровараў і саладовень. З прац Станіслава Касцялкоўскага вынікае: паралельна ён мэтанакіравана займаўся ўмацаваннем сыравіннай базы.

Гаворка ішла не толькі пра патрабаванне варыць і саладзіць з мясцовага зерня. Праз сістэму гаспадарчых паляпшэнняў Тызенгаўз імкнуўся пашырыць самі магчымасці вытворчасці сыравіны. У лісце «Punkta do juramentu od JW Tyzenhauza podskarbego nadwornego litewskiego do istoty sprawy…» ён падкрэсліваў, што штогадовыя меліярацыі ўводзілі ў абарот новыя землі, прычым іх каштоўнасць аказвалася вышэй за панесеныя выдаткі, нават калі дзеля гэтага даводзілася карыстацца авансамі і ўваходзіць у даўгі.

Касцялкоўскі пералічвае, што вызваленыя ўрадлівыя землі часта ішлі пад уладкаванне аўстэрый (такі тып тракціра), пасадку садоў, збожжавых пад солад і, самае галоўнае, на закладку хмельнікаў. Такім чынам бачна, што Тызенгаўз вырашаў пытанне комплексна: не толькі арганізаваць вытворчасць піва і соладу, але і забяспечыць гаспадаркі ўласным хмелем.

Гэта была спроба выбудаваць замкнёны эканамічны цыкл, у якім ключавыя інгрэдыенты ўзнікалі ўнутры яго ўладанняў. Больш за тое, з апісанняў гаспадарчага рэжыму ў эканоміях вынікае, што клопат пра хмель пераходзіў з узроўню «жаданага» на ўзровень абавязковага. Касцялкоўскі адзначае, што ў шэрагу эканомій — у тым ліку гродзенскай і берасцейска-кобрынскай — на сялян ускладалася так званая daremszczyzna (дарэмшчына), дадатковая бясплатная павіннасць звыш звычайнай паншчыны.

Сярод работ, якія павінны былі выконвацца на карысць гаспадаркі, проста названы збор хмелю. Інакш кажучы, хмельнікі не былі толькі эксперыментам або пабочным заняткам адміністрацыі. Іх абслугоўванне станавілася часткай рэгулярнай працоўнай сістэмы маёнткаў.

Так палітыка развіцця броварства абапіралася не толькі на будаўніцтва заводаў і найм майстроў, але і на арганізаваную, інстытуцыянальна замацаваную вытворчасць сыравіны.

Вынік

Калі звесці ўсё разам, становіцца зразумела: Тызенгаўз разглядаў броварства як сістэму. Ён запрашаў чэшскіх майстроў, будаваў капітальныя бровары і саладоўні, кантраляваў навучанне мясцовых спецыялістаў і адначасова ствараў умовы для вытворчасці ўласнай сыравіны — соладу і хмелю, аж да арганізацыі хмельнікаў і замацавання іх абслугоўвання ў павіннасцях. Менавіта таму можна казаць, што дзякуючы яго палітыцы на нашых землях у другой палове XVIII стагоддзя фармавалася чэшская школа броварства, але ўжо заснаваная на мясцовых рэсурсах — соладзе, хмелі і вадзе.

Крыніцы:

  • Kościałkowski S. Antoni Tyzenhauz. Crown Treasurer of the Grand Duchy of Lithuania. Vol. I/ I I. London: Stefan Batory University, London Community, 1970.
  • Jaroszewicz J. Obraz Litwy pod względem jej cywilizacji, od czasów najdawniejszych do końca wieku XVIII. Część III. Wilno: nakł. Rubena Rafałowicza, druk M. Romma, 1845. S. 126.
  • Archiwum Główne Akt Dawnych (AGAD), zespół/фон 125119, Szukaj w Archiwachhttps://www.szukajwarchiwach.gov.pl/zespol/-/zespol/125119